17.07.2023
Свята кветак адбылося ў Кракоўцы
Добрай традыцыяй, своеасаблівым культурным брэндам, стала ў Кракоўцы свята кветак. Ладзіцца тут яно з 2017 года. Не стаў выключэннем і сёлеташні ліпень. У нядзелю, калі ўсе клопаты адкладзены ў бок, работнікі аддзела культуры і вольнага часу запрасілі вяскоўцаў і гасцей аграгарадка на кветкавую феерыю.
Салодкі водар кветак рассцілаўся на пляцоўцы, дзе сабраліся месцічы, каб акунуцца ў святочную атмасферу. Царства яркіх фарбаў вітала кожнага, хто завітаў на тэрыторыю Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу. Кветкавыя кампазіцыя, яскравыя фотазоны, створаныя адмыслова да свята, карысталіся папулярнасцю ў малечаў і дарослых. Куды ні кінь вокам – усюды кветкі: духмяныя петуніі і лілеі, далікатныя бягоніі, кучаравыя гартэнзіі, бялюткія рамонкі, рознакаляровыя ружы і пеларгоніі… Уваход на тэрыторыю кветкавага царства аформлены ў выглядзе аркі з кветак. Праз яе ўваходзілі не толькі жыхары і госці аграгарадка, але і шматлікія артысты, якія завіталі ў Кракоўку. Работнікі культуры з Гальшанаў, Будзёнаўкі, Станцыі Ашмяны, Гродзяў, Навасёлкаў, Ашмянаў… прыехалі, каб падарыць гасцям свята добры настрой.
Асаблівае ажыўленне вызваў незвычайны экіпаж – аздоблены кветкамі, на пляцоўку завітаў мотаблок. У ім прыехалі госці з Будзёнаўкі.
Музычныя нумары ў гэты дзень падарылі не толькі работнікі культуры раёна, але і юныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Дружнымі апладысментамі падтрымалі ў Кракоўцы маленькіх выканаўцаў, якія робяць першыя крокі ў музыцы. Добра вядомы месцічам яшчэ адзін калектыў – вакальна-інструментальны ансамбль “Маладосць”, які з’яўляцца частым удзельнікам падобных мерапрыемстваў.
Прыемным сюрпрызам для гледачоў стаў канцэрт народнага ансамбля народнай песні “Вечарынка”. Падрыхтаваны намаганнямі работнікаў аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Жодзішкі Смаргонскага раёна, ён падарыў прыемную сустрэчу з вядомымі кампазіцыямі.
Кветкавай тэматыкай былі прасякнуты і вясёлыя конкурсы, якія прапанавалі вядучыя – Святлана Ганусевіч і Валянціна Горыд – гасцям. Загадчыца аддзела культуры і вольнага часу вёскі Гродзі Станіслава Тамашэвіч частавала месцічаў хатнім квасам, морсам, гарбатай на зёлках.
Малечы з радасцю бавілі час на атракцыёнах, спрабавалі салодкую вату і папкорн. Дарослыя вялі павольныя гутаркі, дзяліліся ўсмешкамі і пазітывам.
Свята скончылася дружным карагодам з праходам праз арку кветак і любові і сумесным выкананнем беларускіх бытавых танцаў. Кветкавая феерыя, задуманая творчым калектывам аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка, атрымалася на выдатна. Сапраўдную асалоду атрымалі ў гэты дзень тыя, хто не спалохаўся летняй спёкі і, размясціўшыся ў засені ліп і каштанаў, правёў некалькі гадзін разам з таленавітымі землякамі, шчодрымі на станоўчыя эмоцыі.
АВ