29.05.2023
У Ашмянах прайшоў раённы палявы злёт "Выратавальнік-2023"
На базе пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Ашмянскага РАНС прайшоў раённы палявы злёт «Выратавальнік-2023».
Удзел у ім прынялі чатыры каманды: гімназіі №1, СШ №3, аграрна-эканамічнага каледжа і Дакурнішскай СШ. Падтрымаў ініцыятыву работнікаў Ашмянскага РАНС раённы камітэт грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі".
Каманды спаборнічалі ў творчасці, інтэлекце, сіле і спрыту. У конкурсе «Усталёўка палаткі» дзеці прадэманстравалі ўменне працаваць у камандзе і зладжанасць у выкананні пастаўленых задач. Яшчэ адным этапам спаборніцтва стала баявое разгортванне, падчас якога ўдзельнікі каманд паказалі добрую фізічную падрыхтоўку.
Па выніках спаборніцтваў трэцяе месца занялі юныя ратавальнікі СШ № 3, другое месца ў каманды гімназіі. Перамогу атрымалі хлопцы з аграрна-эканамічнага каледжа.
Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ашмянскага РАНС Вадзім Галгоўскі падзякаваў камандзе за ўдзел, уменне правільна дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях і ўручыў пераможцам і прызёрам дыпломы і падарункі.
На абласным этапе спаборніцтваў "Выратавальнік-2023" Ашмянскі раён прадставіць каманда аграрна-эканамічнага каледжа.
Ашмянскі Веснік