Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
06.11.2024

З’яднаныя грамадскай дзейнасцю. Працоўная моладзь расказвае пра членства ў грамадскіх аб’яднаннях

 “Не трэба жыць як набяжыць”, — гэтыя словы з верша Анатоля Грачанікава з’яўляюцца сапраўдным запаветам для кожнай асобы. Асабліва яны актуальны для моладзі, якая толькі пачынае свой прафесійны і жыццёвы шлях, фарміруе ўласную сістэму каштоўнасцей. Моладзь не можа быць безыніцыятыўнай, апатычнай, далёкай ад грамадскіх спраў, бо ад яе залежыць будучае нашай краіны. Сёння маладыя людзі маюць магчымасць рэалізаваць сябе праз удзел у розных грамадскіх арганізацыях і аб’яднаннях. У шэрагу сваіх аднадумцаў заўсёды лягчэй расці і развівацца, пазнаваць новае, рэалізаваць уласныя ідэі і планы. Ашмянская працоўная моладзь таксама не застаецца па-за грамадскай дзейнасцю. Юнакі і дзяўчаты імкнуцца быць у цэнтры падзей. Аляксей Садоўскі і Ілья Логінаў працуюць у розных сферах. Маладыя людзі нават не знаёмы асабіста, аднак іх аб’ядноўвае адно – актыўная грамадская пазіцыя, неабыякавасць да важных спраў. Аляксей Садоўскі з’яўляецца актыўным членам ГА “БРСМ”. На мясакамбінаце яго паважаюць за добрасумленнасць, адказнасць, здольнасць прыйсці на дапамогу ў складанай сітуацыі. Ілья – прафсаюзны лідар КСУП “Прыгранічны”. Дзякуючы асабістым якасцям малады чалавек можа павесці за сабой калектыў, здольны годна прадставіць сваю арганізацыю на любым узроўні. Мы сустрэліся з маладымі людзьмі і пагутарылі пра асабістае і працоўнае жыццё, крыніцы натхнення, мэты і далейшыя планы. Калі ад справы атрымліваеш задавальненне Муж і тата дваіх дзетак, адказны спецыяліст, актывіст ГА “БРСМ”, заўзяты будаўнік і апантаны кулінар – усе гэтыя характарыстыкі можна аднесці да Аляксея Садоўскага, абвальшчыка мяса з Ашмянскага мясакамбіната. Сёння малады чалавек цалкам задаволены сваім жыццём. Ён зазначае, што ўсе складнікі для шчасця ў яго ўжо ёсць. Хоць у падлеткавым узросце ён уяўляў сваё жыццё па-іншаму. Нарадзіўся Аляксей у невялічкай вёсцы Каменка. З дзяцінства назіраў за рупнай працай сваіх бацькоў і марыў калісьці таксама далучыцца да такой дзейнасці. Скончыўшы дзевяць класаў СШ № 2, юнак вырашыў паступаць у Ашмянскі каледж і атрымліваць будаўнічую спецыяльнасць. Гэтая сфера падавалася яму перспектыўнай, цікавай і патрэбнай. Пасля заканчэння навучальнай ўстановы малады спецыяліст згодна з размеркаваннем прыйшоў працаваць у ААТ “Будаўнік”. Паралельна распачаў вучобу ў Маладзечанскім палітэхнічным каледжы, дзе атрымаў спецыяльнасць тэхнік-будаўнік. Пад ляжачы камень вада не цячэ – гэтая простая ісціна была добра вядома Аляксею, таму ён імкнуўся атрымаць новыя веды і ўменні. Чатыры гады таму Аляксей уладкаваўся на мясакамбінат. Першапачаткова многія моманты былі для яго складанымі і незразумелымі. Аднак з цягам часу ўсё стала на свае месцы – працаўнік “уліўся” ў зладжаны калектыў. Заўважыўшы ініцыятыўнасць і актыўнасць Аляксея, яго пачалі запрашаць паўдзельнічаць у разнастайных добрых справах і акцыях ад БРСМ. Так пачалася новая жыццёвая старонка, напоўненая знаёмствамі, карыснымі справамі, патрэбнымі ініцыятывамі. — Прызвычаіўся гарэць сваёй справай. Мне падабаецца мая праца, яна мне прыносіць задавальненне. Калі б гэта было не так, то я не заставаўся б тут. Лічу, што без запалу нічога не атрымаецца. У моладзевых праектах таксама ўдзельнічаю па добрай волі. Новыя людзі, незвычайныя ідэі – усе гэта дае магчымасць адарвацца ад штодзённасці, паспрабаваць штосьці новае, — расказвае Аляксей. За плячыма кожнага моцнага мужчыны стаіць маленькая жанчына, якая яго натхняе і матывуе. Для Аляксея галоўнай музай і натхняльніцай стала жонка Таццяна. Жанчына зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, а ўвесь вольны час прысвячае дзецям – двухгадовай Марыі і пяцігадоваму Міхаілу. Вечарам за кубачкам кавы Аляксей расказвае жонцы пра свае працоўныя справы. Яна дае яму разнастайныя парады і рэкамендацыі. У выходныя дні  тата часта радуе дзетак духмянымі пірагамі, рэцэпты якіх загадзя знаходзіць у інтэрнэце. Тады ўся сям’я збіраецца за агульным сталом на гарбату. На сённяшні дзень сям’я мае ўласны дом у прыгарадзе. Рамонт у сямейным гняздзе Аляксей цалкам зрабіў сваімі рукамі. Зараз малады гаспадар разам з бацькам займаецца будаўніцтвам лазні. У хуткім часе новы аб’ект будзе гатовы. Аляксей шчыра прызнаецца, што на сённяшні дзень не мае ружовай мары. Усё, што неабходна, у яго ўжо ёсць: дружная сям’я, праца, якая прыносіць задавальненне, грамадская дзейнасць і хобі. Малады чалавек навучыўся складанаму мастацтву маленькіх крокаў. Цяпер ён радуецца кожнаму новаму дасягненню і дзякуе Богу за ўсё тое, што мае на сённяшні дзень. Энергетык  з творчым запалам Ашмянец Ілья Логінаў зусім нядаўна скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Першым працоўным месцам для маладога спецыяліста стала камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Прыгранічны”. Зараз ён працуе галоўным энергетыкам, пакрысе напрацоўвае вопыт і паглыбляе ўніверсітэцкія веды. Год таму маладога чалавека абралі прафсаюзным лідарам арганізацыі. Калегі заўважылі запал, актыўнасць, уменне камунікаваць з людзьмі. Менавіта такімі якасцямі павінен быць надзелены лідар пярвічкі. Першапачаткова малады спецыяліст крыху збянтэжыўся: новая сфера дзейнасці патрабавала грунтоўных ведаў, акрамя таго, Ілья лічыў, што з’яўляецца вельмі маладым і нявопытным для такой пасады. Аднак, распачаўшы працу, хутка зразумеў сутнасць дзейнасці, навучыўся з лёгкасцю спраўляцца са сваімі задачамі. За год плённай працы ён арганізаваў некалькі паездак – члены калектыва пабывалі на канцэрце, наведалі Нясвіжскі і Гальшанскі замкі. Не забывае прафсаюзны лідар і пра юбіляраў. Ілья пільна адсочвае дні нараджэння, стараючыся зрабіць свята для кожнага прыгожым і запамінальным. Многіх цікавяць пытанні аздараўлення, таму тэму санаторна-курортнага адпачынку Ілья вывучае заўжды дэталёва. — Новая дзейнасць аказалася не такой складанай, як гэта падавалася адразу. Зараз з лёгкасцю сумяшчаю асноўную працу з прафсаюзнымі справамі. Здаецца, атрымліваецца нядрэнна. Галоўнае – прыслухоўвацца да таго, чаго хочуць людзі. Зыходзячы з іх пажаданняў, выбіраю маршруты для экскурсій, — зазначае малады чалавек. Грамадская праца цалкам захапіла юнака, але ўсё ж ён знаходзіць час для адпачынку і любімых заняткаў. У летні перыяд Ілья арганізоўвае невялічкія велападарожжы па ваколіцах Ашмян. Такая дзейнасць не толькі дапамагае далучыцца да спорту, але яшчэ дорыць станоўчыя эмоцыі. Хлопец захоплена любуецца краявідамі роднага горада і наваколля, назірае за прыродай, робіць атмасферныя фотаздымкі. З дзяцінства Ілью вабіла выяўленчае мастацтва. Ён з задавальненнем прысвячаў час творчасці. Сёння таксама час ад часу вяртаецца да гэтага занятку. Падчас сямейных свят  Ілья часта дастае гітару, грае любімыя кампазіцыі, якія напаўняюць сэрца асаблівым спакоем, далучаюць да прыгожага. Ёсць у Ільі Логінава і запаветныя мары. На дадзены момант ён жадае паглыбіць свае прафесійныя веды і ўменні. Для гэтага займаецца самаадукацыяй, шмат чытае і пастаянна практыкуецца. Бацькі юнака жартуюць, што дома няма ніводнага выключальніка ці электрапрыбора, які б не працаваў. Другой мэтай з’яўляецца стварэнне ўласнай сям’і. Для Ільі сямейныя каштоўнасці маюць вялікае значэнне, таму ў бліжэйшым будучым ён марыць рэалізавацца ў гэтым накірунку. Трэцяя мара – будаўніцтва ўласнага дома – сямейнага гнязда са сваімі традыцыямі, звычаямі, цяплом і ўтульнасцю. Гледзячы на энтузіязм юнака, яго вялікі запал і ўменне арганізоўваць вольны час, можна меркаваць, што сваіх мэт ён дасягне. Сёння ж малады спецыяліст робіць упэўненыя крокі ў патрэбным накірунку.