22.01.2020
"Белпошта" прапануе бясплатна адправіць паштоўку 23 студзеня
Бясплатна адправіць паштоўку можна будзе 23 студзеня падчас акцыі "Дзень ручнога ліста". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе РУП "Белпошта". "Штогод 23 студзеня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень почырку (дзень ручнога ліста). Кліенты змогуць набыць паштовыя карткі або канверты з паштоўкамі, напісаць цёплыя словы на адрас родных і сяброў, а супрацоўнікі прадпрыемства бясплатна даставяць іх у любы пункт Беларусі", - распавялі ў "Белпошце". У Менску паштоўкі можна будзе адправіць у круглай зале сталічнага паштамта (пр. Незалежнасці, 10) з 15.00 да 17.00, а таксама ў аддзяленні сувязі №108 (вул. Каржанеўскага, 25) з 10.00 да 11.00. Пералік усіх паштовых аддзяленняў, якія прадстаўляюць такую паслугу, можна знайсці на сайце "Белпошты". Дзень почырку закліканы нагадаць пра ўнікальнасць ручнога ліста і непаўторнасці почырку кожнага чалавека.
БелТА