14.02.2020
Калі пачне працаваць БелАЭС, распавялі ў Мінэнерга
Электраэнергію з БелАЭС беларусы пачнуць атрымліваць сёлета, менавіта на 2020-ы запланаваны фізічны і энергетычны пуск першага энергаблока атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, а таксама яе інтэграцыя ў эканоміку і энергасістэму краіны. Пра такія планы распавёў журналістам міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч. "У нас стаіць задача ў гэтым годзе забяспечыць завоз ядзернага паліва, вырабіць фізічны пуск, энергетычны пуск першага энергаблока, гэта значыць выдачу першых кілават-гадзін у энергасістэму, - сказаў Віктар Каранкевіч, яго цытуе БЕЛТА. - 2020 год-выніковы год пяцігодкі, на працягу якога неабходна завяршыць ключавыя мерапрыемствы. Да іх адносіцца рэалізацыя мерапрыемстваў па інтэграцыі Беларускай АЭС у энергасістэму і эканоміку краіны". Як адзначыў міністр, першы энергаблок БелАЭС амаль гатовы, там засталося завяршыць аздобныя працы. "У дачыненні да асноўнага тэхналагічнага абсталявання зараз праходзіць этап гарачай абкаткі, які дазваляе забяспечыць працу энергаблока на імітатарах ядзернага паліва. Неабходна прааналізаваць працу ўсяго першага энергаблока ў тэхналагічным ланцужку, паглядзець, ці дасягаюцца ўсе намінальныя параметры працы абсталявання", - растлумачыў Каранкевіч.
Паводле слоў кіраўніка Мінэнерга, будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю БелАЭС мае важнае значэнне не толькі для энергетычнай галіны, але і ўсёй эканомікі, паколькі стымулюе развіццё новых вытворчасцяў, у тым ліку энергаёмістых. Першы з праектаў па інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму ўжо выкананы ў 2019-м (у новай кацельні Касцюковічаў усталяваны электракацеў магутнасцю 10 МВт). Міністр дадаў, што ўсяго трэба рэалізаваць такія праекты на 19 аб'ектах (агульная магутнасць складзе 836 МВт). Усе работы ідуць па графіку. Акрамя таго, на чатырох аб'ектах усталююць пікава-рэзервовыя энергакрыніцы. Усё асноўнае абсталяванне для іх амаль выбралі, завяршаецца падрыхтоўка праектнай дакументацыі для правядзення работ. Увядуць гэтыя аб'екты ў эксплуатацыю ў 2021-м годзе. Дадамо, што першая атамная электрастанцыя ў Беларусі будуецца па расейскім праекце з двума рэактарамі агульнай магутнасцю 2400 МВт.
ont.by