Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Ошмянский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
07.02.2025

Ашмянскі краязнаўчы музей распачаў праект “Мой родны край, мая гісторыя жывая”

У краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча дадзены старт праекту “Мой родны край, мая гісторыя жывая”, які супрацоўнікі музейнай установы прысвяцілі 85-годдзю ўтварэння Ашмянскага раёна. У мерапрыемстве з нагоды юбілейнай даты прынялі ўдзел намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Ганна Язель, загадчык сектара культуры, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Вольга Барысенка-Рабко, ганаровыя грамадзяне Ашмян Тамара Філіповіч, Аляксандр Сазановіч, Уладзімір Бізюк, а таксама намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце прадпрыемстваў і арганізацый раёна. – Кожны раён – гэта маленькая дзяржава, у якой ёсць свае законы, правы і абавязкі, і, безумоўна, свае традыцыі і святы. Кожны раён Беларусі – вялікі і малы – мае сваю гісторыю, якая сугучна з гісторыяй краіны, – заўважыла ў сваім расповедзе пра гісторыю рэгіёна дырэктар музея Настасся Навіцкая. У сваім выступленні Настасся Васільеўна адзначыла, што юбілей Ашмянскага раёна неразрыўна звязаны з лёсавызначальнымі падзеямі верасня 1939 года, калі ў выніку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі адбылося ўз’яднанне раздзеленага беларускага народа ў адну краіну. Гэта падзея стала актам гістарычнай справядлівасці і заклала падмурак цяперашняй незалежнай Беларусі ў яе сучасных межах. Да юбілейнай даты супрацоўнікі музея падрыхтавалі відэафільм – дакументальную хроніку раёна, створаную на падставе дакументаў, відэа і фотаматэрыялаў з музейных фондаў. Фільм складаецца з чатырох частак – ад 17 верасня 1939 года да сённяшніх дзён. Прысутныя з цікавасцю “гарталі” старонкі часу – часам трагічныя, часта гераічныя, аднак напоўненыя асаблівым сэнсам жыццясцвярджальныя сюжэты. Незагойную рану “на целе” раёна пакінула Вялікая Айчынная вайна. Лагер ваеннапалонных, яўрэйскае гета, масавае знішчэнне мірных жыхароў каля вёсак Люгоўшчына, Ягелаўшчына, Навасяды і хутара Углеева, поўнасцю альбо часткова спаленыя вёскі, выведзеныя са строю электрасеткі і тэлефонная станцыя, разрабаваная маёмасць на прадпрыемствах – усё гэта наша гісторыя, якую мы не маем права забыцца. Нялёгкім было для Ашмяншчыны і пасляваеннае аднаўленне. Аднак крок за крокам адраджаліся эканоміка і сельская гаспадарка, развівалася сацыяльная сфера. Час развіцця і дасягненняў – так можна назваць 60-80-я гады ў гісторыі раёна. Менавіта на гэты перыяд прыходзіцца прыезд у наш раён Тамары Філіповіч і Аляксандра Сазановіча, а пасля і Уладзіміра Бізюка. Гэтых людзей аб’ядноўвае не толькі ганаровае званне, якое яны заслужана атрымалі за плённую працу на карысць раёна, а найперш імкненне зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб наш край развіваўся і ўпэўнена крочыў у будучыню. Значны ўнёсак у развіццё перапрацоўчай галіны раёна зрабіла Тамара Філіповіч, якая на працягу многіх год узначальвала Ашмянскі мясакамбінат. Горад і раён актыўна будаваліся дзякуючы калектыву ААТ “Будаўнік”, якім граматна кіраваў Аляксандр Сазановіч. Неразрыўна звязана з галіной адукацыі імя Уладзіміра Бізюка, былога дырэктара школы-інтэрната і Жупранскай СШ, а таксама мастака. Успаміны гэтых людзей – сапраўдны скарб для будучых пакаленняў. Гэта прыклад адданасці сваёй краіне і свайму народу – так ахарактарызавала ўклад гасцей мерапрыемства ў развіццё раёна намеснік старшыні райвыканкама Ганна Язель. Ганна Міхайлаўна падзякавала ганаровым грамадзянам горада за ўрокі патрыятычнага выхавання моладзі, а супрацоўнікам музея – за змястоўнае мерапрыемства і фільм, які абавязкова трэба паказаць розным катэгорыям жыхароў раёна. Удалым дапаўненнем да святочнай імпрэзы стала выступленне педагогаў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Музычныя нумары прагучалі ў выкананні Галіны Крыніцкай, Вікторыі Клімчанкі, Алесі Місюкевіч, Ангеліны Юкевіч і Аксаны Шчарбачэвіч. Пасля мерапрыемства ўдзельнікі сустрэчы цікавіліся матэрыяламі выставы, якую музейныя работнікі зладзілі з асабістых рэчаў ганаровых грамадзян нашага горада. Сярод іх – фотаматэрыялы, граматы і дыпломы, кнігі, дакументы, па якіх можна прасачыць не толькі дасягненні людзей, але і цэлых калектываў, а таксама Ашмянскага раёна ў цэлым.