01.09.2021
Дзень ведаў у Гальшанскай сярэдняй школе
На Ашмяншчыне за парты селі 3778 вучняў, 390 з іх — першакласнікі. Упершыню парог школы пераступіў 21 вучань Гальшанскай сярэдняй школы.
У Дзень ведаў дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў віталі дырэктар школы Марына Гайдукевіч, старшыня сельвыканкама Аляксандр Саванец, намеснік дырэктара КСУП «Гальшаны» Міхаіл Скаржынскі, дырэктар Гальшанскага крухмальнага завода Сяргей Чудзілоўскі, настаяцель Свята-Георгіеўскай царквы ў Гальшанах айцец Уладзімір Семяняка, старшы дзяржаўны інспектар АДАІ Ашмянскага РАУС Аляксандр Каморнік.
Першы вераснёўскі дзень усім прысутным падарыў асалоду ад сустрэчы. У Год народнага адзінства з асаблівай узнёсласцю і сімвалічнасцю гучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, пад гукі якога лепшыя вучні школы — Аляксандр Мальдзіс і Дар’я Ганусевіч — узнялі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.
Шмат цёплых слоў і віншаванняў прымалі ў гэты дзень першакласнікі, а таксама выпускнікі школы. Малечы, якія толькі ўступаюць у краіну ведаў, атрымалі ў падарунак ад Прэзідэнта кнігу «Беларусь — наша Радзіма».
Падзяку за дапамогу у падрыхтоўцы навучальнай установы выказала дырэктар школы Марына Гайдукевіч калектыву, бацькам, а таксама спонсарам — КСУП «Гальшаны» і Гальшанскаму крухмальнаму заводу.
Традыцыйны першы школьны званок даў старт новаму навучальнаму году. Адразу пасля яго вучні разышліся па класах, дзе прайшоў першы ўрок на тэму «Адзінства беларускага народа — аснова незалежнай краіны».
Ашмянскі Веснік