03.08.2025
На жніве дробязей няма
Другі месяц лета ў гэтым годзе стаў сапраўдным выпрабаваннем для аграрыяў краіны. Жніво пачалося і ідзе ў надзвычай неспрыяльных умовах. Колькасць сонечных дзён у ліпені можна было перылічыць па пальцах. І тым не менш, прыклаўшы максімум намаганняў, ураджай трэба ўбраць. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі нацэліў аграрыяў атрымаць “максімальны вынік у экстрэмальных умовах”, падкрэсліўшы, што з боку дзяржавы было зроблена ўсё і нават больш для таго, каб жніво прайшло арганізавана і без страт.
І аграрыі разумеюць, якая важная задача стаіць перад імі. Працуюць, выкарыстоўваючы кожную спрыяльную хвіліну, каб убраць з палёў ураджай і запоўніць зернесховішчы свежым зернем.
— У КСУП “Крэйванцы” на сённяшні дзень у двух зернесховішчах – 1600 тон зерня новага ўраджаю. Гэта азімы ячмень, які ўжо ўбраны з усіх пасяўных плошчаў, а іх было 165 гектараў, і частка яравога, — расказвае кіраўнік гаспадаркі Аляксей Чарняўскі. – У гэтым годзе, нягледзячы на неспрыяльныя пагодныя ўмовы, ураджайнасць азімага ячменю высокая і склала 52,3 ц/га, яравога – 47 ц/га. Галоўная задача цяпер – убраць яравы ячмень, які займае плошчу 335 гектараў. На сённяшні дзень мы ўбралі крыху больш за палову плошчы. У суботу прыступілі да ўборкі азімага рапсу, які займае 400 гектараў.
Тэхнікай мы забяспечаны поўнасцю. На жніве задзейнічаны дзевяць камбайнаў: чатыры — на ўборцы рапсу, і пяць машын – на ўборцы ячменю. Чатыры МАЗы адвозяць зерне з палёў, адзін з іх – з аўтамабільнага парка № 13 г. Ашмяны. Працуюць дзевяць камбайнерскіх экіпажаў. Да нашых механізатараў далучыліся два работнікі ДЭУ-57 і два – “Белтаможсервісу”. Акрамя таго, працуюць пяць маладых памочнікаў камбайнера – тры з іх яшчэ студэнты ашмянскага каледжа, два ўжо скончылі гэтую навучальную ўстанову і пачалі працу ў нашай гаспадарцы ў якасці маладых спецыялістаў.
У раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ў час жніва свая задача, — дзеліцца сваім меркаваннем старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Раіса Турлай. – Праца кожнага механізатара павінна быць заўважана і адзначана. Акрамя таго, у полі зроку прафсаюза – стварэнне ўмоў для якаснай працы аграрыяў, і перш за ўсё – арганізацыя гарачага харчавання. Маніторынгі праводзім рэгулярна – і ў час пасяўной кампаніі, і ў час уборкі. У гэтым годзе парушэнняў не выяўлена.
Разам з Раісай Мікалаеўнай мы на ўласныя вочы пераканаліся ў тым, што механізатары КСУП “Крэйванцы” атрымліваюць якаснае харчаванне. Машына з гарачым абедам прыйшла своечасова і сабрала вакол сябе механізатараў. Рассцяліўшы абрус, повар Святлана Аўсюкевіч накрывае на стол і запрашае на абед, разлівае мужчынам гарачы суп, даверху напаўняе талеркі крупяной кашай, дадае сардэльку з агурком, разлівае кампот і на дэсерт прапаноўвае свае фірменныя коржыкі з разынкамі. За сытнай трапезай нягрэх і пажартаваць, і пагаварыць. Але ўсё ж людзі разумеюць, што трэба працаваць – пагода капрызная, і часта паглядаюць на неба — ці не будзе дажджу.
На поле прыехала і памочнік урача-гігіеніста Ашмянскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марыя Цярэшка. У яе свая задача: санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні на аб’ектах аграрна-прамысловага комплексу павінны выконвацца ў належным стане. Таму яна і наведвае сталовыя, дзе рыхтуецца ежа для работнікаў АПК, палі, куды прывозяць абеды, і пільным вокам сочыць за тым, каб не было парушэнняў і людзі атрымлівалі якасную і карысную ежу. Арганізацыяй харчавання ў час абеда яна засталася задаволена.
Выкарыстала магчымасць паехаць на поле і фельчар Будзёнаўскага ФАПа Марына Завадская. Перыядычна і медыцынскія работнікі ФАПаў, і перасоўны ФАП Ашмянскай ЦРБ выязджаюць у сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і на палі, дзе ідзе ўборка ўраджаю, для таго каб своечасова выяўляць пагаршэнне здароўя механізатараў. У Марыны Вацлаваўны з сабой фельчарская сумка, у якой ёсць танометр, пульсаксіметр, глюкометр і ўсё належнае для аказання першай медыцынскай дапамогі. Некалькі механізатараў выкарысталі магчымасць памераць ціск, атрымалі ад фельчара карысныя парады па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў – не толькі вусныя, але і ў выглядзе буклетаў.
Святлана Аўсюкевіч, повар:
— Я працую поварам ў Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы. А летам, у час свайго водпуску ўладкоўваюся поварам у КСУП “Крэйванцы”. Гэта ўжо і традыцыя, і патрэба на працягу многіх год. Лета пройдзе дарэмна, калі я ў чарговы раз не прыйду сюды. Адчуваю, што мая праца тут патрэбна, і рада, што магу ўнесці свой уклад у важную справу ўборкі ўраджаю.
Сяргей Вінцаловіч, памочнік камбайнера:
— Ужо некалькі год працую летам на жніве ў КСУП “Крэйванцы”. Лічу, што справа патрэбная і карысная. Мы з камбайнерам Андрэем Пяткевічам працуем на камбайне вытворчасці нашага гомельскага завода. Машына ў гаспадарцы другі сезон. Нараканняў на яе работу няма. Мой напарнік – вопытны механізатар, працуе ў гаспадарцы больш за дваццаць гадоў. У яго ёсць чаму павучыцца. Перакананы, што ўсе пастаўленыя задачы мы выканаем.