Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Ошмянский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
21.07.2025

У гаспадарках Ашмянскага раёна працягваецца корманарыхтоўка

У гаспадарках Ашмянскага раёна працягваецца корманарыхтоўка — аграрыі выканалі другі ўкос траў на плошчы 6535 гектараў, што складае 72 працэнты ад запланаванага. Ліпень — гарачая пара для працаўнікоў зямлі. Разам з уборачнай кампаніяй ідзе нарыхтоўка травяных кармоў, бо менавіта яны — важнейшы складнік высокіх надояў. Абедзве справы вядуцца паралельна. Асобнае звяно падчас касавіцы створана і ў КСУП «Крэйванцы». Як паведаміў дырэктар гаспадаркі Аляксей Чарняўскі, корманарыхтоўчы канвеер не збаўляе абароты з мая — першы ўкос траў паступова перайшоў у другі, на падыходзе — трэці. — На 18 ліпеня з двух укосаў нарыхтавалі 15400 тон сенажу, 107 тон сена і 440 тон сенажу ў рулонах. Падчас другога ўкосу запланавана скасіць 1925 гектараў. Люцэрну ўжо ўбралі, зараз вядзецца нарыхтоўка бабова-злакавых сумясей шматгадовых траў. Для таго, каб цалкам забяспечыць пагалоўе, неабходна нарыхтаваць 14482 тоны кармавых адзінак, — паведаміў кіраўнік КСУП «Крэйванцы». — Ужо нарыхтавана 4300, або 29 працэнтаў ад запланаванага. Наперадзе яшчэ трэці і чацвёрты ўкосы, а таксама кукуруза на сілас і зярно. Пра тое, што ад іх стараннасці ў многім залежыць стан кармавой базы і дабрабыт гаспадаркі, добра ведаюць і механізатары — яны ўвішна шчыруюць у полі. На адным з трактароў МТЗ «Беларус-3522» працуе Юрый Міхневіч. Механізатарскай справе ён прысвяціў больш за 25 год — тэхніка слухаецца яго, а ён клапоціцца, каб яна заўсёды была спраўнай. Густымі роўнымі радамі кладзецца з-пад яго касілкі сакавітая трава. На  кашэнні травы заняты таксама Віктар Куняўскі, які працуе ў сельскай гаспадарцы з 1990 года, апошні час — у КСУП «Крэйванцы». З граблямі-варашылкамі добра спраўляюцца Іван Баркоўскі і Віктар Дземідовіч. Упэўнена кіруе корманарыхтоўчым камбайнам Аляксей Тарасевіч, для якога сёлета шостая касавіца. За дзень, адзначае механізатар, атрымліваецца нарыхтаваць 350 — 400 тон травяных кармоў. Каб касавіца ішла без перабояў, тры адзінкі магутнай тэхнікі задзейнічаны на адвозцы. — Для нас галоўнае — ехаць поруч з камбайнам, каб сабраць усю зялёную масу і давезці яе да сянажнай ямы, — адзначаюць механізатары Генадзь Шавель, Яўген Аляхновіч, Віктар Ігнатовіч. Следам за трактарам накіроўваемся ў Навасяды, да сянажнай траншэі. Здалёк  чуцен гул тэхнікі. Пасля таго як з сенажаці дастаўляецца зялёная маса, дзвюма адзінкамі магутнай тэхнікі вядзецца трамбоўка. Кантралюе закладку аграном-хімік Людміла Юкша. Некалькі разоў на дзень малады спецыяліст вызначае тэмпературу закладзенай масы — яна не павінна перавышаць 30 °С. Усе дадзеныя — батанічны склад траў, пачатак закладкі траншэі, фаза вегетацыі раслін, ступень здрабнення масы, вільготнасць, тэмпература, звесткі пра кансервант — заносяцца ў акт кантролю якасці нарыхтоўкі. Спецыяліст ведае, што ўборка траў на сянаж прамым камбайнаваннем, без папярэдняга правяльвання, недапушчальна. Пасля таго як траву скасілі, яна павінна падсохнуць да вільготнасці 55-60 %. У якасці кансерванту выкарыстоўваецца «Фідграс». — Пры закрыцці траншэі для герметычнасці ўтрамбаваная маса накрываецца плёнкай, а зверху — выкарыстанымі шынамі або мяшкамі з пяском. Дзесьці праз месяц кансервацыі можна будзе даследаваць корм на ўтрыманне галоўнага пажыўнага рэчыва — бялку, — адзначае Людміла Юкша. Выкарыстоўваюць у КСУП «Крэйванцы» і яшчэ адзін варыянт кансервацыі якасных кармоў — рулоны. Нарыхтоўка зялёных кармоў у полімерную плёнку, па словах аграрыяў, — справа выгадная. Захоўваюцца яны больш за год, пры гэтым не губляюць сваіх пажыўных уласцівасцей. У любым выпадку толькі пры выкананні тэхналогіі зялёны мікс стане крыніцай пажыўных кансерваў для жывёлы і важкай інвестыцыяй у вялікае малако.