14.07.2025
Жніво на Ашмяншчыне з кожным днём набірае тэмпы
Да ўборкі азімага ячменю далучыліся і ў сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “АграГродзі”. На палетках гаспадаркі сёлета шчыруюць тры экіпажы. Усе камбайнеры вопытныя, з вялікім стажам і галоўнае – усведамленнем важнасці сваёй справы.
Як паведаміў галоўны аграном СУП “АграГродзі” Вадзім Субач, азімы ячмень у гаспадарцы пасеяны на плошчы ў 100 гектараў. На 14 ліпеня хлебаробы ўбралі каля 40 гектараў.
Да ўборачнай кампаніі ў сельгаспрадпрыемстве падрыхтаваліся загадзя: тэхніка адладжана, новы зернесушыльны комплекс у вёсцы Гродзі ўведзены ў строй. Для ўдзельнікаў жніва арганізавана гарачае харчаванне. Вось толькі надвор’е прымушае аграрыяў засмучацца: халодная вясна і познія замаразкі адцягнулі пачатак уборкі, а зараз развярнуцца ў поўную моц не дазваляюць дажджы. Канешне, гэтая акалічнасць ускладняе работу, і на першы план выходзіць мэта – правесці жніво якасна і без сур’ёзных страт. Таму камбайнеры выкарыстоўваюць кожную магчымую хвіліну.
Як заўсёды падчас уборкі ў гэтай гаспадарцы, у полі сустракаем братоў Спірыдовічаў. Сваёй хлебаробскай справе яны не здраджваюць на працягу некалькіх десяцігоддзяў. З 1987 года працуе ў гаспадарцы Станіслаў, з 1993-га – Анатоль. Абодва упэўнена вядуць па хлебнай ніве камбайны, абмалочваюць зерне. Не спаборнічаюць, а імкнуцца якасна, па-гаспадарску, так, як некалі вучыў бацька, сабраць ураджай, не згубіць ніводнага зярнятка.
На адвозцы задзейнічаны вадзіцель СУП “АграГродзі” Станіслаў Пуцята. Таксама дапамагаюць аграрыям у гэты адказны перыяд Ашмянскае ААТ “Аграпрамтэхніка” і аўтамабільны парк №13. Працаўнікоў аб’ядноўвае ўсведамленне таго, што галоўнае зараз – сабраць ураджай.