21.07.2020
Славутую “Паўлінку” пакажуць у Лiдзе у рамках святкавання сотага сезона Купалаўскага тэатра і да Дня горада культурнай сталіцы
У рамках святкавання 100-га сезона і да дня горада Ліды – культурнай сталіцы Беларусі 2020 года – Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пакажа славутую “Паўлінку”. Паказ адбудзецца 31 ліпеня 2020 года ў Лідскім замку. Яскравы, насычаны і запамінальны соты юбілейны сезон Купалаўскага тэатра скончыцца на значнай ноце. У завяршаючы вечар спектаклі Купалаўскага тэатра пройдуць адразу ў дзвюх гарадах Беларусі: у Мінску на Камернай сцэне пакажуць кранальную "Зямлю Эльзы”, а ў Лідзе – сапраўдны сімвал тэатра “Паўлінку”. Легендарны спектакль “Паўлінка”, які з’яўляецца неад’емнай часткай рэпертуару Купалаўскага тэатра з 1944 года, завітае да жыхароў Ліды як шчыры падарунак гораду ад купалаўцаў. Найстарэйшы спектакль тэатра карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады свайго існавання ператварыўся ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны. Сакрэт такога ўнікальнага поспеху – у спалучэнні яскравых народных характараў, цікавага сюжэту, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы і выдатнага майстэрства выканаўцаў. “Паўлінка” Л. Літвінава на працягу дзесяцігоддзяў з’яўляецца візітоўкай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Што тычыцца пакаленняў артыстаў, нават у ролі самой Паўлінкі выступілі ўжо больш за 10 артыстак, некаторыя з якіх выконвалі ролю на працягу многіх сезонаў і, захоўваючы традыцыйны малюнак ролі, стварылі адметныя характары: як кажуць, у кожнага пакалення гледачоў – свая Паўлінка. Напрыканцы 2019 года “Паўлінка” была ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.