Главная / Новости / Новости района
03.07.2021

Дзень Незалежнасці адзначылі ў Ашмянах

   Галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці — Дзень Незалежнасці сёння ўрачыста і шматгранна адзначылі ў Ашмянскім раёне, у чарговы раз пацвердзіўшы, што наша сіла – у адзінстве, мы – заўтрашні дзень нашай краіны, мы – у адказе за нашу Радзіму — Беларусь.
   Свята Незалежнасці прайшло на гарадской плошчы райцэнтра. Ашмянцы сабраліся разам, каб аддаць даніну павагі тым, хто не дачакаўся гэтых шчаслівых мірных хвілін і аддаў жыццё за нашу свабоду; тым, хто і сёння не можа забыць той жудаснай вайны, якая прынесла столькі страт і забрала столькі жыццяў, а таксама парадавацца за працаўнікоў, якія нястомнай працай і актыўнай жыццёвай пазіцыяй спрыяюць развіццю нашага рэгіёна і ствараюць яго будучыню.
   — 3 ліпеня Беларусь у 25-ы раз адзначае як Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Рашэнне аб гэтым, прынятае ў 1996 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме, з’яўляецца цалкам заканамерным і справядлівым, таму што, калі б не было перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, не было б не толькі беларускай дзяржавы, але і не існаваў бы беларускі народ як этнас, — адзначыў у сваім віншаванні старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч. — Сёння мы ў чарговы раз схіляем галовы перад светлай памяццю прадстаўнікоў папярэдніх пакаленняў, якія змагаліся і аддалі сваё жыццё за незалежнасць нашай краіны. Мы выказваем словы шчырай удзячнасці вялікаму подзвігу тых, хто ў пасляваенны час у кароткі тэрмін падняў з руін і попелу і аднавіў нашу краіну, тым самым заклаў асновы для далейшага развіцця. Сёння Рэспубліка Беларусь перажывае няпростыя часы — працягваецца беспрэцэндэнтны знешнепалітычны і эканамічны ціск на краіну з мэтай раскалоць грамадства і змяніць дзяржаўны лад. Калі ўсе мы разам будзем берагчы і шанаваць тое, што было створана за апошнія дзесяцігоддзі, жадаць дабрабыту роднай зямлі і перададзім усё гэта наступным пакаленням, наша краіна заўсёды будзе незалежнай.
   Свята прадоўжылася выступленнем групы сцяганосцаў з ліку навучэнцаў аграрна-эканамічнага каледжа, да якіх далучыліся прадстаўнікі калектываў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага аддзела ўнутраных спраў, ваеннага камісарыята раёна. Урачыстае права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь атрымалі лепшыя працаўнікі розных сфер народнай гаспадаркі, занесеныя па выніках мінулага года на раённую Дошку гонару: Іна Гайдукевіч – настаўнік па класу баяна Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў, Святлана Качан – прараб участка апрацоўчых работ ААТ “Будаўнік”, Сяргей Лапшоў — галоўны ветэрынарны ўрач раёна, начальнік раённай ветэрынарнай станцыі, Святлана Фурса – машыніст расфасовачна-упаковачных машын УП “Ашмянскі дражджавы завод”.
   Віншаванні з галоўным святам нашай краіны прымалі ашмянцы ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзіслава Гершгорына:
   — Сёння мы адзначаем галоўнае дзяржаўнае свята нашай краіны — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, дзень, які прызначаны аб’яднаць нашу нацыю. Гэта дзень нашай славы, памяці аб мінулым, гонару за сучаснае і надзеі на будучае. 77 год прайшло з тых ліпеньскіх падзей, калі наша зямля была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы ізноў і ізноў вяртаемся да тых гераічных і трагічных старонак Вялікай Айчыннай выайны, аналізуем яе маральныя і палітычныя ўрокі, шукаем ў гісторыі рэальныя адказы на выклікі сучаснасці. Гэта вялікае свята тых, каму дарагія і зразумелыя нашы агульныя каштоўнасці, гонар за краіну, жаданне працаваць дзеля яе росквіту, любоў да сваёй зямлі і сям’і. За кароткі гістарычны тэрмін свайго развіцця мы змаглі зрабіць нашу краіна больш багатай, цывілізаванай, паспяховай. Сёння навейшая гісторыя Беларусі вяршыцца ў тысячы працоўных калектывах, на канкрэтных рабочых месцах, таму што галоўнае  наша багацце — гэта чалавек. У капілку агульных дасягненняў нашай рэспублікі робіць важкі ўклад і наша Ашмяншчына. Добрасумленна працуючы, мы дабіваемся няхай і невялікіх, але рэальных рэзультатаў. Упэўнены, што будычыня нашага раёна залежыць толькі ад нас, ад нашай працавітасці, адзінства і жадання зрабіць свой край паспяховым.
   Гэтым святам мы абавязаны нашым ветэранам. Мы абяцаем ім, што зберажэм нашу вольную і незалежную Беларусь і зробім усё, каб людзі адчувалі ўпэўненасць у заўтрашнім дні і жылі спакойна.
   У знак павагі да нашага гераічнага мінулага і тых, хто адваяваў мірнае неба над нашай сінявокай краінай, кіраніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, жыхары раёна ўсклалі кветкі да брацкай магілы воінаў-вызваліцеляў у гарадскім парку і ўшанавалі іх памяць мінутай маўчання.
   Штогод на свяце ўзнагароджваюцца лепшыя працаўнікі народнай гаспадаркі раёна. Апладысментамі віталі ашмянцы сваіх землякоў, якія плённай працай умацоўваюць дабрабыт нашай Радзімы. Па выніках работы галіны жывёлагадоўлі за зімовастойлавы перыяд дыпломамі раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны КРСУП “Эксперыментальная база “Баруны” (старшыня Эдвард Люткоўскі) – трэцяе месца, КСУП “Гальшаны” (старшыня Мікалай Праўко) – другое месца, КСУП “Кракоўка” (выконываючая абавязкі старшыні Святлана Аўсюкевіч) – першае месца.
   На святочнай сцэне прымалі віншаванні лепшыя механізатары сельгагаспадарак, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна, удзельнікі творчых калектываў, а таксама вучні Ашмянскай і Гальшанскай дзіцячых школ мастацтваў, адзначаныя прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных дзяцей.
   Музычныя падарункі падчас урачыстай праграмы дарылі ашмянцам творчыя калектывы ўстаноў культуры раёна і СШ №1.

Ашмянскі Веснік