Новая выстаўка ў Ашмянскім краязнаўчым музеі “Паэзія кропак…” – вынік дзейнасці мастака Васіля Зянько, які ўжо колькі год працуе над стварэннем распрацоўкі і рэалізацыі даступнага мастацтва для людзей, якія слаба бачаць, і невідушчых. Канцэпцыя дадзенага праекта палягае з ідэі ўзаемадзеяння паміж літаратурай і жывапісам, паміж рознымі культурамі, паміж людзьмі розных нацыянальных ідэнтычнасцяў і фізічных асаблівасцей.
Арыгінальныя тактыльныя карціны, што прадстаўленыя на выстаўцы, выкананыя ў унікальнай інавацыйнай тэхніцы, даступныя для ўспрыяцця людзям з асаблівымі патрэбамі. Маляўнічыя рэльефныя паверхні ўключаюць літаратурныя тэксты, што ёсць знакавымі творамі для культурнай спадчыны краіны. Вершы Максіма Багдановіча і Алеся Разанава ўведзеныя ў прастору карцін наўпрост шрыфтом Брайля.
Чалавек, які слаба бачыць, можа напачатку прачытаць верш, а потым “агледзець” ягонае мастацкае ўвасабленне. Для відушчых людзей творы Васіля Зянько ўяўляюць сабою гарманічныя па колеру карціны з рэльефнай паверхняй плаўных ліній.
За дапамогу ў рэалізацыі выстаўкі ў Ашмянах дзякуем аўтару Васілю Зянько і Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча.
Запрашаем усіх пазнаёміцца з тактыльнымі карцінамі і, у прамым сэнсе, дакрануцца да мастацтва, паслухаць паэзію кропак. Музей працуе з 10.00 да 19.00, выхадны дзень панядзелак.